|
9 октября 2008

|
Ад самай “калыскі цывілізацый”
У куточак сваёй этнічнай радзімы туркі, якія жывуць і працуюць у Беларусі, ператварылі невялікую кватэру ў цэнтры Мінска.
Каб пазнаёміцца з турэцкімі традыцыямі, паслухаць усходнія песні і ўбачыць палымяны танец жывата, у Турцыю ехаць неабавязкова. Адукацыйным цэнтрам “Достлук—Сяброўства”, які ў ёй і “прапісаўся”, кіруе Іхсан Дылекчы. Ён запрасіў карэспандэнта “НГ” на Іфтар — вячэру ў час свяшчэннага месяца Рамазан. Частаваць блізкіх і сяброў на працягу гэтага месяца — абавязковая ўмова для аднаго з галоўных абрадаў ісламу. Месяц Рамазан, які вылічваецца па месячным календары, ужо скончыўся, і мусульмане ўсяго свету адсвяткавалі не менш значнае свята Ураза-Байрам. Аднак уражанні ад знаёмства з туркамі Беларусі і беларусамі — прыхільнікамі турэцкай культуры засталіся.
Калі дакладна першыя туркі прыйшлі жыць у Беларусь, сказаць немагчыма. Сёння па перапісе 1999 года ў нашай краіне пражываюць 35 туркаў-асманаў. Што прымушае некаторых з іх пакінуць “калыску цывілізацый” (менавіта так гісторыкі называюць Турцыю)? Адну з такіх гісторый прапаную вашай увазе.
|
Рады вітаць вас!
Калі хоць аднойчы завітаеш у госці да прадстаўнікоў гэтай нацыянальнасці, адразу адчуеш, наколькі гэта гасцінны народ. Гэту рысу свайго нацыянальнага характару яны называюць першай, калі ў іх пра гэта спытаеш. І дадаюць, што гэту якасць яны бачаць і ў беларусаў. “Калі прыйдзеш у дом беларуса, ён таксама выставіць на стол усё, што ў яго ёсць”, — гаворыць Іхсан Дылекчы.
Ён прыехаў жыць у нашу краіну, скончыўшы педагагічны факультэт Вільнюскага універсітэта. У Беларусі вучыліся яго сябры, і ён часта прыязджаў да іх. “Мне тут спадабалася, і я вырашыў прыехаць сюды жыць, — расказвае Іхсан. — Мінск сустрэў мяне сваёй светлай аўрай, спакоем, прыгожымі вуліцамі і праспектамі. На той час тут ужо быў адкрыты культурна-асветніцкі цэнтр турэцкай культуры, і я стаў там працаваць настаўнікам рускай мовы, потым намеснікам дырэктара”. Іхсан Дылекчы вось ужо больш за дзесяць гадоў жыве ў Беларусі і прызнаецца: хоць часам і сумуе па этнічнай радзіме, ніколі не шкадаваў, што прыехаў у Беларусь.
Турэцкая песня
На вечары Іфтар гучала турэцкая народная музыка. Авацыі залы сарвала дзяўчынка, якая спявала песню на турэцкай мове. Адразу паверыць у тое, што яе выканаўца мінская школьніца Ксенія Жук не мае аніякіх турэцкіх каранёў, было немагчыма. Дзяўчына проста за гады вучобы ў цэнтры “Достлук” паспела пранікнуцца гэтай краінай. “Вывучэнне культуры Турцыі мяне прывабіла, калі вучылася яшчэ ў пятым класе, — расказвае Ксенія. — Цікава было даведацца пра асаблівасці яе нацыянальнага каларыту. Спачатку я думала, што мяне чакае шмат экзотыкі, а потым ўпэўнілася: паміж нашымі культурамі ёсць шмат агульнага. Туркі, як і мы, беларусы, адкрытыя душой, і яны любяць рабіць адзін аднаму падарункі, у іх, як і ў нас, шануецца народная творчасць, асабліва песні”. Ксеніі за гады вучобы ўдалося не толькі вывучыць мову новай для сябе краіны (яна, дарэчы, атрымала залаты медаль на міжнароднай алімпіядзе па турэцкай мове), але і набыць мноства новых сяброў. На агульных турэцка-беларускіх мерапрыемствах яна, пачуўшы апладысменты пасля выканання турэцкай песні, заводзіць беларускую, і ў зале не застаецца раўнадушных.
Мужчына ля пліты, жанчына з дыпламатам
У Турцыі жанчыны маюць такія ж правы, як і мужчыны. Жыхаркі сельскай мясцовасці хустку (хітаб) завязваюць больш для таго, каб засцерагчы валасы ад пылу і бруду, а не згодна з правіламі рэлігійнага кансерватызму, расказваюць туркі Беларусі. У сям’і галоўная роля адведзена моцнай палове, але турэцкая жанчына ў сям’і таксама мае свой даволі значны ўплыў. У некаторых сем’ях менавіта жанчыны — галоўныя карміцелі сям’і, многія з іх займаюць высокія дзяржаўныя пасады.
Ролі мужчыны і жанчыны ўраўнаважаны ў сем’ях туркаў, што жывуць у Беларусі, адзначае Іхсан Дылекчы. Ён сам, напрыклад, любіць пастаяць ля пліты і парадаваць родных смачнай стравай. У яго доме асабліва любяць мясное яхні.
Змешаныя шлюбы сярод туркаў, што жывуць у Беларусі, не такая частая з’ява. Іхсан таксама выбіраў сабе жонку, як кажуць, “са сваіх”. Галоўным крытэрыем пры выбары была гатоўнасць ехаць жыць у Беларусь. Ці ехаць жыць за мяжу, хоць і за мужам, Румейса сумнявалася доўга. Але што заставалася рабіць? Сёння ў сям’і Дылекчы двое сыноў. Каміль-Саід і Рамазан-Сеніх нарадзіліся ў Беларусі. Яны яшчэ не разумеюць значэння слова “радзіма” (аднаму з іх чатыры, другому два гады), але па-беларуску ў дзіцячым садзе размаўляць ужо трохі навучыліся. Беларускім словам вучаць і сваіх бацькоў. “І цяпер, — гаворыць Іхсан, — можна з упэўненасцю сказаць: Беларусь — наша другая Радзіма”.
Яхні (турэцкая нацыянальная страва)
Узяць паўкілаграма мяса (бараніны, кураціны), парэзаць кавалачкамі і пакласці ў змазаную алеем каструлю. Як толькі мяса пачне пускаць сок, дадаць дробна парэзаную цыбулю (2 шт.). Праз 5 хвілін засыпаць парэзаны кубікамі зялёны перац (2 шт.), а праз 7—8 хвілін дадаць памідоры (3 шт.), ачышчаныя ад скуркі і дробна парэзаныя. Тушыць 40 хвілін на слабым агні, а потым пасаліць і паперчыць на смак.
Ці ведаеце вы, што кожны дзень размаўляеце па-турэцку?
Не здзіўляйцеся такому пытанню. На самай справе ў турэцкай мове шмат слоў, якія па гучанню аднолькавыя са словамі рускай і беларускай моў, але розныя па значэнню. Напрыклад, bardak (бардак) — шклянка, durak (дурак) — прыпынак, kulak (кулак) — вуха, bayan (баян) — спадарыня, bal (бал) — мёд, ham (хам) — няспелы, ad (ад) — імя, sir (сыр) — таямніца, boy (бой) — рост, bey (бей) — спадар, tabak (табак) — талерка, yazik (язык) — язык, sanki (санкі) — быццам, kaban (кабан) — куртка.
Марына КУЗЬМІЧ, “НГ |